Падарожжа па краіне роднай мовы

У старшай “Б” групе прайшлі незвычайныя і цёплыя заняткі па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін – “Падарожжа па краіне роднай мовы”. Іх мэта – не толькі пашырыць слоўнікавы запас і замацаваць маўленчыя навыкі выхаванцаў, але і дапамагчы ім адчуць прыгажосць і багацце беларускай мовы.

Падарожжа пачалося з невялікай гутаркі: дзеці ўспомнілі, як называецца наша краіна, сталіца, родны горад і на якіх мовах размаўляюць беларусы. Рабяты з задавальненнем расказалі вывучаныя загадзя вершы пра родную мову. Гэта дапамагло стварыць эмацыйны настрой і пагрузіцца ў тэму заняткаў.

Падчас падарожжа дзеці актыўна ўключаліся ў гульні “Як цябе завуць?”, “Ветлівыя словы”, “Прадоўжы прыказку”, “Знайдзі карцінку-адгадку”.

Асабліва кранальным момантам было стварэнне “букета прыгожых слоў”. Рабяты па чарзе прымацоўвалі да галінак папяровыя кветкі і называлі, якой яны бачаць беларускую мову: прыгожай, ласкавай, мілагучнай. Дзеці параўноўвалі родную мову з чыстай крынічкай, ясным сонейкам, непагаснай зоркай. Іх словы гучалі шчыра і па-дзіцячы чыста. Букет з кожным разам ажываў і квітнеў  усё ярчэй, нібы адлюстроўваючы любоў і цеплыню адносін дзяцей да роднай мовы.

“Падарожжа па краіне роднай мовы” атрымалася яркім, пазнавальным і цікавым.

Святлана Пятроўна Рылькова,

выхавальнік дашкольнай установы

Leave a Reply

Required fields are marked*